Беларуская мова анлайн: карысныя сэрвісы, пра якія варта ведаць

Шукаеце беларускі слоўнік анлайн, перакладчык з рускай на беларускую, сэрвіс праверкі правапісу або даведнік па беларускай мове? Падрыхтавалі для вас падборку карысных анлайн-сервісаў — захавайце, каб заўсёды пісаць па-беларуску правільна і ўпэўнена!

Добрапіс

Анлайн-сэрвіс праверкі беларускамоўных тэкстаў, створаны пад кіраўніцтвам вядомага мовазнаўцы Змітра Саўкі, які цяпер развіваецца пры актыўнай дапамозе валанцёраў і будзе карысны ўсім, хто піша па-беларуску. Сэрвіс падтрымлівае як афіцыйны, так і класічны правапіс, вылучае арфаграфічныя памылкі, прапануе варыянты выпраўленняў, сочыць за правільным ужываннем у/ў і дазваляе аўтаматычна выпраўляць тыповыя тэхнічныя памылкі (прабелы, знакі прыпынку, працяжнікі, двукоссі). Акрамя праверкі тэксту, «Добрапіс» змяшчае вялікую базу унармаваных беларускіх напісанняў іншамоўных імёнаў, прозвішчаў, тапонімаў і назваў.

Скарнік

Электронны руска-беларускі, а таксама тлумачальны слоўнік, створаны на аснове акадэмічнага выдання 1953 года пад рэдакцыяй Якуба Коласа, Кандрата Крапівы і Пятруся Глебкі, якое неаднаразова перавыдавалася з удакладненнямі і дапаўненнямі. Граматычная база праекту, які працуе з 2012 года, была істотна дапрацаваная з улікам сучаснай моўнай практыкі: слоўнік рэгулярна абнаўляецца, папаўняецца новымі словамі, а таксама пазбаўлены састарэлых і ідэалагізаваных прыкладаў з савецкіх часоў, замененых на актуальныя беларускія кантэксты. «Скарнік» застаецца адным з найбольш жывых і надзейных руска-беларускіх анлайн-слоўнікаў.

Slounik.org — беларускія слоўнікі і энцыклапедыі

Некамерцыйны энцыклапедычна-слоўнікавы партал, які з 2004 года збірае і сістэматызуе слоўнікі і энцыклапедыі, звязаныя з беларускай мовай і Беларуссю. Праект, распачаты камандай электроннай бібліятэкі «Беларуская Палічка», імкнецца максімальна дакладна захаваць змест папяровых выданняў, адначасова выпраўляючы відавочныя памылкі і адаптуючы матэрыялы да анлайн-фармату. Для часткі слоўнікаў даступныя спасылкі на сканы арыгінальных выданняў, што дазваляе правяраць першакрыніцы. Застаецца адным з найбольш аўтарытэтных і поўных рэсурсаў для працы з беларускай мовай — ад лексікі і тэрміналогіі да энцыклапедычных артыкулаў.

Таксама ў якасці асобных сервісаў прысутнічаюць:

  • канвертар лацінкі з патрымкай афіцыйнай транслітарацыі і традыцыйнай лацінкі, а таксама лацінкі без гачыкаў (дыякрытычных знакаў);
  • канвертар грашовых сум з лічбаў у тэкст (напрыклад, 100 > Сто рублёў 00 капеек), што можа быць зручным, калі вы робіце запаўненне бухгалтарскіх дакументаў (рахунак-фактура, накладная, дамова) па-беларуску.

Verbum — анлайнавы слоўнік

Яшчэ адзін анлайнавы слоўнік беларускай мовы. Утрымлівае неабходны мінімум слоўнікаў, а таксама некаторыя аўтарскія слоўнікі. Таксама тут сабраная база артыкулаў з выданняў Беларускай энцыклапедыі імя Пятруся Броўкі. Гэта крыніцы дакладнай і навукова праверанай інфармацыі.

Мае адкрыты зыходны код. Падтрымаць развіццё праекта можна на Buy Me a Coffee.

PLACES — база назваў населеных пунктаў Беларусі

Анлайн-даведнік па населеных пунктах Беларусі, які дапаможа разабрацца, як правільна пішацца і вымаўляецца больш за 23 тысячы геаграфічных назваў (тапонімаў). Сэрвіс змяшчае беларускія (у тым ліку лацінкай) і рускія варыянты назваў (з націскамі), інфармацыю пра месцазнаходжанне, магчымыя альтэрнатыўныя назвы і правілы скланення. Дадзеныя грунтуюцца на аўтарытэтных крыніцах — у тым ліку на даведніку Валянціны Лемцюговай і граматычнай базе Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі — і паступова ўдакладняюцца і дапаўняюцца, у тым ліку з удзелам карыстальнікаў.

Правільна! — правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі

Анлайн-даведнік па правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, які дапамагае хутка знаходзіць нарматыўныя тлумачэнні. Сайт змяшчае сістэматызаваныя раздзелы па граматыцы беларускай мовы: правапіс галосных і зычных, ужыванне мяккага знака і апострафа, вялікія літары, перанос слоў, пастаноўку знакаў прыпынку і іншыя складаныя выпадкі. Матэрыялы адпавядаюць афіцыйным нормам і робяць рэсурс зручным для тых, хто шукае правілы беларускай мовы анлайн, праверку правапісу па-беларуску або даведнік па беларускай граматыцы.

drukarnik — праверка тэкстаў на памылкі анлайн

Праверка арфаграфіі анлайн паводле акадэмічнага правапісу.

Беларускі N-корпус

Нацыянальны корпус беларускай мовы — гэта найбуйнейшая электронная база беларускіх тэкстаў, якая дазваляе шукаць словы, выразы і моўныя канструкцыі ў рэальным ужыванні. Сэрвіс дазваляе праверыць, як слова або выраз выкарыстоўваецца ў беларускай мове на практыцы. Акрамя пошуку па корпусе тэкстаў, праект змяшчае граматычную базу беларускай мовы, інструменты праверкі правапісу, фанетычны канвертар, сінтэз маўлення і іншыя лінгвістычныя рэсурсы.

Белазар — легендарны перакладчык анлайн

Легендарны руска-беларускі і беларуска-рускі перакладчык, першая версія якога выйшла яшчэ ў 2002 годзе. Сэрвіс дазваляе аўтаматычна перакладаць тэксты паміж беларускай і рускай мовамі, падтрымлівае вызначэнне мовы, працу з беларускай лацінкай, афіцыйную транслітарацыю, а таксама выкарыстоўвае вялікую базу слоўнікавых артыкулаў. Акрамя функцыі перакладу, «Белазар» дапамагае знаходзіць невядомыя словы і выпраўляць асобныя памылкі ў тэксце, што робіць яго карысным інструментам для перакладчыкаў, журналістаў, студэнтаў і ўсіх, хто шукае перакладчык з рускай на беларускую, перакладчык з беларускай на рускую або анлайн-слоўнік беларускай мовы.

Калі вы ведаеце карысныя сэрвісы, якіх няма ў спісе — напішыце ў каментарах!

Пакінуць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *