fbpx
Увядзіце свой email
Email мае няправільны фармат
Увядзіце свой e-mail для завяршэння рэгістрацыі
Захаваць
У Вашым кошыку няма тавараў

На нашым сайце можна набыць лічбавыя тавары.

Замовіць рэчы з нашымі дызайнамі можна на Redbubble

На нашым сайце можна набыць лічбавыя тавары.

Замовіць рэчы з нашымі дызайнамі можна на Redbubble

Навіны сымбаля
Што з крамай Symbal.by

Зараз крама на Машэрава,18 зачыненая. Замовіць рэчы можна праз наш сайт з дастаўкай кур’ерам ці поштай па Беларусі, а таксама поштай у іншыя краіны свету. 

Як нас падтрымаць

На дадзены момант ёсць толькі 1 спосаб падтрымаць нашую краму — замовіць і аплаціць праз сайт стыкеры салідарнасці.

1. Выбіраеце і дадаеце ў кошык патрэбную вам колькасць стыкераў салідарнасці.

2. Выбіраеце спосаб дастаўкі — кур’ерам па Мінску ці поштаю па Беларусі і свеце.

3. Выбіраеце спосаб аплаты — карткай ці праз АРІП (ЕРИП).

4. Калі не патрэбная дастаўка, то ў каментарах да замовы напішыце слова «псіхоз» і гэтыя налепкі мы распаўсюдзім бясплатна сярод падпісантаў нашых сацыяльных сетак.

У нашам інстаграме з’явіліся новыя эфекты ў выглядзе чатырох папулярых стыкераў, якія абсалютна легальна праз відэа ці фота ў сторыс вы можаце размясціць у любым месцы рэальнай прасторы. Паспрабуйце тут.

 

Дзённік крамы Symbal.by

Інфармацыя па стане на 06 ліпеня

Распавядаем падрабязна пра тое, як краму Symbal.by зачыняў Савецкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.

Памятаеце мы расказвалі, што да нас прыйшлі з МНС, а гэта значыць, што нам засталося працаваць некалькі дзён. Мы памыляліся, тады 23 чэрвеня, нам заставалася працаваць 1 дзень, мы не паслухаліся, працавалі яшчэ 5 дзён, а цяпер Савецкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях накіраваў у Эканамічны суд Мінска заяву, у якой просіць ужо праз суд прыпыніць дзейнасць нашай кампаніі ў будынку на пр-це Машэрава, 18. Суд адбудзецца 16 ліпеня.

1. 23 чэрвеня (аўторак) МНС накіроўвае ў нашую краму для маніторынга інспектара па ананімнай скарзе, што нібыта з памяшкання ідуць непрыемныя пахі і жыхары скардзяцца, што апазіцыйная крама займаецца незразумелай вытворчасцю. Сфатаграфаваць скаргу нам не далі.

2. У гэты ж дзень, 23 чэрвеня, разумеючы, што нам не дадуць далей працаваць і хутка знойдуць прычыну каб зачыніць, мы абвяшчаем, што працуем да канца тыдня, 28 чэрвеня.

3. Тады ж, 23 чэрвеня, інспектар МНС Асташка рыхтуе аналітычную запіску, дзе фіксуе парушэнні ў нашым памяшканні, якія ствараюць небяспеку прычынення шкоды жыццю і здароўю насельніцтва. Нагадаем, што ў гэты час ужо тыдзень у памяшканні адсутнічала электрычнасць па не залежных ад нас прычынах.

4. І адразу 23 чэрвеня Савецкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях складае прапанову пад нумарам 2 аб спыненні дзейнасці нашай крамы на пр-це Машэрава, 18 і 24-га чэрвеня — зацвярджае.

5. 29 чэрвеня Савецкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях накіраваў у Эканамічны суд г. Мінска заяву, у якой просіць ужо праз суд прыпыніць дзейнасць нашай кампаніі ў будынку на пр-це Машэрава, 18. Суд адбудзецца 16 ліпеня.

6. Да пасяджэння суда мы падрыхтуем усе неабходныя дакументы, каб адстаяць сваё права працаваць у памяшканні на пр-це Машэрава, 18. За тры гады працы ў гэтым памяшканні мы прайшлі некалькі праверак, узгадненняў і выканалі ўсе ранейшыя патрабаванні МНС, якія ўзнікалі да памяшканне, дзе працавала крама, і нараканняў ад іх не мелі.

На дадзены момант ёсць толькі 1 спосаб падтрымаць нашую краму — замовіць і аплаціць праз сайт стыкеры салідарнасці.

Інфармацыя па стане на 24 чэрвеня

24 чэрвеня, пасля брутальных затрыманняў АМАПам у папярэдні дзень, людзі не спужаліся і з адкрыцця крамы ішлі да нас няспынна, у адзін момант у чарзе мы налічылі каля 500 чалавек.

Прыходзілі супрацоўнікі міліцыі, скардзіліся чаму так марудна працуем, ствараем чэргі і не ўключаем больш касаў для аплаты кліентаў. Патлумачылі, што з задавальненнем працавалі б хутчэй, каб не адсутнасць электрычнасці ўжо тыдзень у нашым памяшканні. Папрасілі іх разабрацца з сітуацыяй і наведаць ЖКХ Савецкага раёна. А яны замест гэтага паставілі на цэлы дзень здымаць чаргу чалавека з камерай.

Пазванілі з Мінскрэкламы, сказалі, што заўтра прыедуць здымаць нашую шыльду з дома, бо ў нас скончылася дамова і дазвол на яе размяшчэнне на будынку, а ўзгадніць яе зараз зноў, як рабілі гэта кожны год – не рэальна.

Заўтра дырэктар Symbal.by ідзе на чарговую сустрэчу ў падатковую, а па арганізацыях, якія займаюцца друкам на тэкстылі, нават з якімі мы ніколі не супрацоўнічалі, ходзяць праверкі санстанцый і пажарнікаў, правяраюць ці не друкуюць нешта крамольнае, некаторым закрываюць працу да “устранения нарушений”. Гэта ўсё дробязі, галоўнае, што вы з намі, прыходзяць у краму вядомыя людзі і проста прыгожая моладзь са светлымі думкамі і надзеяй на лепшыя змены ў краіне.

23 чэрвеня крама Symbal.by абвесціла аб сваім закрыцці. Пасля гэтай навіны каля крамы на пр-це Машэрава. 18 пачала збірацца чарга і ў пэўны момант пад’ехаў аўтазак і АМАП пачаў брутальна затрымліваць людзей з чаргі.

Інфармацыя па стане на 23 чэрвеня

Сябры, афлайн крама Symbal.by на пр-це Машэрава, 18 з 29 чэрвеня спыняе сваю працу. Запрашаем вас да канца тыдня набыць у нас што-небудзь, пакуль тавары крамы не арыштавалі і не канфіскавалі. У наяўнасці яшчэ шмат сцягоў, цішотак, кубкаў, павязак, торбаў ды іншай прадукцыі.

Чаму мы прынялі такое рашэнне?

Бо супраць нас не спыняюцца праверкі, а толькі павялічваюцца.

На мінулым тыдні на вытворчасць прыйшла санстанцыя, якая выпісала пастанову аб спыненні вытворчасці і міліцыя, якая забрала на праверку 9 бел-чырвона-белых сцягоў.

Таксама працягваецца праверка падатковай і ОБЭП, да гэтага часу ў нас няма інфармацыі, на якой падставе канфіскаваныя ў нашага кур’ера 419 цішотак ПСІХОЗ%.

Ужо тыдзень ЖРЭО, ЖЭУ 2 і ЖКХ Савецкага раёну адмаўляюцца нам падключыць электрычнасць, хоць усе дамовы маем і падставаў не ўключаць яе нам няма.

На гэтым тыдні мы дадаткова атрымалі ліст ад Мінгарвыканкама з патрабаваннем прыбраць цягам трох дзён з будынка шыльды крамы, а сёння, 23 чэрвеня, прыйшоў прадстаўнік МНС разбірацца па ананімнай скарзе на нас, што нібыта з памяшкання ідуць непрыемныя пахі і жыхары скардзяцца, што апазіцыйная крама займаецца незразумелай вытворчасцю.

Не выключаем варыянтаў, што ў бліжэйшыя дні па гэтых прычынах нам выставяць чарговыя патрабаванні спыніць працу крамы. Таму просім вас наведаць і падтрымаць нашую краму ў бліжэйшыя дні, пакуль нас не прымусілі спыніць працу.

Калі вы жывеце не ў Мінску ці не ў Беларусі, то праз сайт Symbal.by можна падтрымаць нас і аплаціць карткай стыкеры салідарнасці.

Каб сачыць за далейшымі падзеямі і лёсам крамы, падпішыцеся на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках.

instagram.com/symbalby
facebook.com/symbalby
t.me/symbalby
twitter.com/symbalby
vk.com/symbal_by
ok.ru/symbalby
youtube.com/symbalbybelarus
tiktok.com/@symbalby

Інфармацыя па стане на 22 чэрвеня

Нешта неверагоднае адбываецца! Вось як можна здацца і апусціць рукі з такой хваляй салідарнасці і падтрымкі. Дзякуй! Мы вас любім!

Штодзённа нашым дзяўчатам у краму прыносяць пачастункі: пернікі, торцікі, кексы. А сёння адна фірма падарыла 5 ліхтарыкаў, каб было крыху больш зручна без святла працаваць.

Бывае нават так, што адчыняем раніцай ралет, а пад ім ляжаць грошы з подпісамі і пажаданнямі.

Таксама нам прыватна розныя спецыялісты, якія раней працавалі ў падатковых, санстанцыях, міліцыі, дасылаюць парады і прапановы юрыдычнай дапамогі.

Выбачаемся, што часова прыбралі з сайта ўсе тавары акрамя стыкераў салідарнасці. Гэта было неабходна зрабіць, бо зараз вельмі складана тэхнічна аператыўна сінхранізаваць склад, краму, офіс і наяўнасць тавараў на сайце.

Таму мы зараз распрадаем рэшту тавараў праз краму на пр-це Машэрава, 18, а праз сайт можна замовіць і аплаціць карткай стыкеры салідарнасці ці спампаваць бясплатна макеты «ПСІХОЗ%», «97%», «Я – МЫ – 97%» ды самім зрабіць ці замовіць з імі рэчы ў іншых месцах.

Інфармацыя па стане на 19 чэрвеня

Сябры, нашая крама на пр-це Машэрава, 18 без святла, а швейны цэх закрыла санстанцыя. Але мы па-ранейшаму працуем штодзённа з 10.00 да 20.00 і чакаем вас!

Часова мы прыбралі з сайта ўсе тавары акрамя стыкераў салідарнасці, якія вы можаце набыць праз сайт, аплаціць карткай і, такім чынам, падтрымаць нас, каб крама выжыла пасля шматлікіх праверак, якія зараз праводзяцца ў дачыненні да нас.

Сцягі, цішоткі, кубкі і ўсю традыцыйную прадукцыю Symbal.by можна па-ранейшаму набыць у краме ў Мінску на пр-це Машэрава, 18.

Каб аператыўна сачыць за ўсімі падзеямі — падпішыцеся на старонкі крамы ў сацыяльных сетках. Спасылкі ў шапцы сайта.

Жыве Беларусь! Разам пераможам!

Інфармацыя па стане на 17 чэрвеня

Выйшла вялікая размова з Паўлам Белавусам па справе з нашай крамай на TUT.BY.

Сёння, 17 чэрвеня, на вытворчасць крамы Symbal.by прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Цэнтральнага раёна Мінска. Па выніках праверкі мы атрымалі патрабаванне з 18 чэрвеня прыпыніць працу вытворчасці да ліквідацыі парушэнняў.

У дакуменце, дзе на дзве старонкі распісаныя парушэнні, якія проста нерэальна ўсе выканаць нікому і ніколі, напісана, што нашая дзейнасць «создает угрозу национальной безопасности, причинения вреда жизни и здоровью населения, окружающей среде».

Поўны дакумент тут.

З гэтай прычыны, паколькі фізічна і тэхнічна мы не можам аператыўна выканаць тысячы замоў, якія прыйшлі за апошні тыдзень на наш сайт на прадукцыю з дызайнам «ПСІХОЗ%», мы пакідаем у продажы на сайце Symbal.by толькі тую прадукцыю, якая зараз рэальна ёсць у наяўнасці.

Як нас падтрымаць?

1. Набыць праз наш сайт стыкеры «ПСІХОЗ%» і «97%». Прыбытак ад продажу гэтых стыкераў мы накіруем на працу адвакатаў і юрыстаў па нашай справе (ёсць шмат варыянтаў што нас і вас чакае, таму варта быць падрыхтаваным), на ўтрыманне інфраструктуры крамы (офісы і памяшканні) і развіццё сацыяльных сетак Symbal.by, а гэта 140 тысяч падпісантаў у васьмі пабліках.

2. Самастойна друкаваць і распаўсюджваць рэчы з дызайнамі «ПСІХОЗ%» і «97%». Мы выклалі дызайны «97%» і «ПСІХОЗ%» для вольнага выкарыстання і распаўсюду ўсімі жадаючымі. Сыходныя файлы можна спампаваць тут.

Інфармацыя па стане на 15 чэрвеня

Сёння, 15 чэрвеня, у памяшканне крамы Symbal.by ў 14.30 завіталі з праверкай супрацоўнік аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Савецкага РАУС Мінска разам з чатырма галоўнымі дзяржаўнымі падатковымі інспектарамі Інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па гораду Мінску.

На працягу чатырох гадзінаў яны праводзілі праверку, аглядалі нашыя гандлёвыя, офісныя і вытворчыя памяшканні, складалі пратаколы, вымалі частку бухгалтарскіх дакументаў.

На дадзены момант супраць нашай крамы вядзецца адміністрацыйны працэс па факту, які адбыўся 12 чэрвеня, калі ў нашага кур’ера міліцыянеры забралі цішоткі «ПСІХО3%» і разглядаецца варыянт завядзення адміністратыўнай справы па факту парушэння правілаў перавозкі матэрыяльных каштоўнасцяў (Артыкул 12.17. Парушэння правілаў гандлю і аказання паслугаў насельніцтву).

На дадзены момант праводзіцца праверка.

З нашага боку хочам публічна заявіць, што абсалютна ўся, у тым ліку і затрыманая прадукцыя, у нашай краме прадаецца абсалютна легальна і мае дакументы, кожная капейка атрыманая ад пакупнікоў праходзіць праз касу і за яе сплочаныя ўсе падаткі.

У бліжэйшыя дні стане вядома ці будзе заведзена супраць нас адміністрацыйная справа. На дадзены момант у працэсе намі выяўлена ўжо некалькі парушэнняў: кур’ер па факту затрымання прадукцыі не атрымаў пратакол і не прысутнічаў падчас падліку затрыманых цішотак, колькасць затрыманых цішотак у пратаколе большая, чым па факту па накладных вёз кур’ер.

Сачыце за падзеямі, будзем разбірацца.

Акцыя «Стыкер салідарнасці»

Мы запускаем акцыю «Стыкер салідарнасці» і выклалі дызайн «ПСІХОЗ%» для вольнага выкарыстання і распаўсюду ўсімі жадаючымі.

Стыкер салідарнасці вы можаце замовіць праз наш сайт і аплаціць карткай у любой колькасці ці ў краме ў Мінску на праспекце Машэрава, 18.



Атрыманыя сродкі ад продажу гэтых стыкераў мы накіруем на працу адвакатаў і юрыстаў па нашай справе (ёсць шмат варыянтаў што нас і вас чакае, таму варта быць падрыхтаваным), на ўтрыманне інфраструктуры крамы (офісы і памяшканні) і развіццё сацыяльных сетак Symbal.by, а гэта 140 тысяч падпісантаў у васьмі пабліках.

Сыходныя файлы дызайна «ПСІХОЗ%» можна спампаваць тут.

Глядзіце запіс стрыма, дзе Павел Белавус, дырэктар крамы, каментуе сітуацыю з цішоткамі ПСІХО3%, якія забрала міліцыя.

Інфармацыя, апублікаваная, 12 чэрвеня

Супрацоўнікі Савецкага РАУС горада Мінска 12 чэрвеня забралі ў кур’ера крамы Symbal.by  Максіма Блізнюковіча 419 цішотак з надпісам ПСІХОЗ%.

У 18.10 кур’ера крамы Symbal.by Максіма Блізнюковіча спынілі супрацоўнікі ДАІ на праспекце Машэрава ў 100 метрах ад нашай крамы для праверкі дакументаў. Яны сказалі, што такі ж як у яго аўтамабіль, чырвоны Пежо, праходзіць праверку ў выніку нейкага дарожнага здарэння і папрасілі праехаць у Савецкі РАУС.

На тэрыторыі Савецкага РАУС пачалі правяраць машыну і звярнулі ўвагу на скрынкі, у якіх ляжалі цішоткі ПСІХОЗ%. Кур’ер вёз іх з вытворчасці ў краму.

Міліцыянеры сказалі, што ім трэба забраць гэтыя цішоткі на праверку і склалі пратакол вымання. Копій пратакола не далі і сказалі чакаць, што з намі звяжуцца.

Павел Белавус, дырэктар крамы, у 19.30 пад’ехаў у Савецкі РАУС для разбіральніцтва. Яму таксама не далі ніякіх пратаколаў і дакументаў на падставе чаго забралі цішоткі і сказалі чакаць, што з намі звяжуцца ў іншыя дні.

Заўважым, што ў кур’ера былі ўсе патрэбныя накладныя. Па пытаннях дадзенай сітуацыі сказалі званіць у дзяжурную частку па нумару 80172920202.

Выбачаемся перад усімі кліентамі, якія чакаюць сваіх замоў. Гэта ўсё ПСІХОЗ%.

Пакуль мы не атрымалі канкрэтных адказаў на пытанні што не так з дызайнам ПСІХОЗ%, мы пакідаем вырабы з гэтым дызайнам на нашым сайце для далейшых замоў.

Зніжкі
Падпісацца
© SYMBAL.BY (2014-2024). Усе правы абароненыя. Выкарыстанне змесціва сайту дапускаецца толькі са згоды праваўладальніка. Кошты на сайце пазначаныя ў далярах ЗША.
Pay with PayPal, PayPal Credit or any major credit card

ЦЯПЕР МЫ ПРАЦУЕМ У ПОЛЬШЧЫ! ПАГЛЯДЗЕЦЬ АСАРТЫМЕНТ І ЗАМОВІЦЬ МОЖНА ТУТ.