На нашым сайце можна набыць лічбавыя тавары.
Замовіць рэчы з нашымі дызайнамі можна на Redbubble
Нам цяжка пра гэта пісаць, але з сакавіка афлайн- і анлайн-крама Symbal.by канчаткова спынілі сваю працу на нявызначаны тэрмін. Усе падзеі, якія апошнія 8 месяцаў адбываюцца вакол нашай кампаніі, прывялі да таго, што мы больш не можам арэндаваць памяшканні для далейшай камерцыйнай дзейнасці ў любых фарматах і ўтрымліваць ранейшы штат супрацоўнікаў.
На нашым сайце мы пакінулі некалькі электронных тавараў з сыходнымі макетамі і дызайнамі ў pdf-файлах, якія раней былі рэальнымі рэчамі: кнігі, паштоўкі, торбы, цішоткі ды іншае. Набываючы гэтыя электронныя тавары — вы дапамагаеце нашай камандзе ў мінімальным фармаце працягваць сваю дзейнасць, весці сацыяльныя сеткі, аплочваць штрафы ды іншыя выдаткі для захавання кампаніі.
Што мы маем на дадзены момант:
1. З чэрвеня 2020 года не змянілася сітуацыя з памяшканнем на пр-це Машэрава, 18:
— нам так і не вярнулі 419 цішотак «ПСІХОЗ%», хоць былі сплочаныя штрафы пасля праверкі падатковай, а самыя цішоткі прайшлі экспертызу і ў гэтых вырабах не было знойдзена парушэнняў,
— нам так і не вярнулі бел-чырвона-белыя сцягі, канфіскаваныя ў часе праверкі на вытворчасці ў чэрвені 2020 года,
— нам так і не вярнулі сотні метраў чырвонай тканіны, канфіскаванай у швейных вытворцаў, з якімі мы супрацоўнічалі,
— нам так і не ўзгаднілі сістэму пажарнай бяспекі ў памяшканні на пр-це Машэрава, 18, нават пасля поўнай яе пераробкі згодна з самымі апошнімі нормамі,
— нам так і не знялі забарону на выкарыстанне памяшкання на пр-це Машэрава, 18 для рознічнага гандлю.
2. Нягледзячы на ўсе цяжкасці мы працягвалі працу інтэрнэт-крамы да 30 студзеня 2021 года, пра гэтым:
— няспынныя адбываліся праверкі розных дзяржаўных службаў у нашых партнёраў,
— за 5 апошніх месяцаў мытня не выпусціла з Беларусі і не вярнула нам больш за 200 пасылак нашых пакупнікоў,
— фіналам стала наведванне АБЭЗ, калі былі затрыманы і адпраўлены на суткі чатыры нашыя супрацоўнікі, канфіскаваны ўвесь тавар, тэхніка і дакументы кампаніі.
На дадзены момант розныя дзяржаўныя органы ўтрымліваюць нашыя тавары і рэчы на агульную суму больш за 50 тысяч рублёў. Пры гэтым не паведамляючы пра іх далейшы лёс і статус.
Мы не бачым сэнсу працягваць працу крамы ў сённяшніх умовах па некалькіх прычынах:
— Symbal.by ствараўся, каб пашыраць і папулярызаваць першыя дзяржаўныя і нацыянальныя сімвалы Беларусі — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг, а самастойна адмовіцца ад іх мы не можам,
— усе абаротныя сродкі, якія ў нас былі, засталіся ў канфіскаваным тавары і ўкладаць новыя сродкі, каб зноў у любы момант прыйшлі і ўсё забралі — не хочацца,
— місія на дадзены момант выканана: сваёй сямігадовай дзейнасцю мы даказалі, што ёсць у беларусаў свая мова, свая гісторыя і свае сімвалы, якія яны сапраўды любяць, паважаюць і гатовыя за іх змагацца.
І мы дакладна ведаем: забараняй не забараняй, але ў мільёнаў беларусаў сэрцы БЧБ-колераў ужо назаўжды. 70 гадоў у савецкім саюзе бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі пад татальнай забаронай. І што? Не дапамагло. Рэспубліка Беларусь у выніку была абвешчана незалежнай краінай к 1991 годзе пад гэтымі сімваламі. Так было і так будзе!
Як нас падтрымаць? Ёсць некалькімі спосабаў:
— набыць адзін ці некалькі электронных тавараў на нашым сайце (вы можаце выбраць пэўную колькасць такіх тавараў і аплаціць карткай ці праз АРІП (ЕРИП) з любой краіны),
— далучыцца да спонсарскай падпіскі на ютуб-канале Symbal.by з любой краіны, бо мы працягваем развіваць усе нашыя сацыяльныя сеткі,
— замовіць рэкламу ў нашых сацыяльных сетках (instagram, facebook, youtube, vk, twitter, telegram, ok, tiktok) з агульнай аўдыторыяй каля 300 тысяч чалавек (прапановы дасылайце на symbalby@gmail.com).
Мы спыняем гандлёвую працу, але як і раней будзем весці нашыя сацыяльныя сеткі і расказваць беларусам пра цікавыя падзеі і з’явы прысвечаныя беларускай мове, гісторыі, сімвалам і традыцыям.
У нас засталіся шматлікія пазыкі, а таксама чакаюць штрафы і падаткі, якія, у сувязі з канфіскацыяй усёй прадукцыі і спыненнем дзейнасці, без вашай падтрымкі нам будзе цяжка закрыць.
ЦЯПЕР МЫ ПРАЦУЕМ У ПОЛЬШЧЫ! ПАГЛЯДЗЕЦЬ АСАРТЫМЕНТ І ЗАМОВІЦЬ МОЖНА ТУТ.