На нашым сайце можна набыць лічбавыя тавары.
Замовіць рэчы з нашымі дызайнамі можна на Redbubble
Сёння, 16 студзеня, была пададзеная ў Мінгарвыканкам заяўка на адзначэнне Дня Волі 2019. Асноўныя мерапрыемствы прапануецца правесці 24 сакавіка, у нядзелю.
На краўдфандынгавай пляцоўцы Talaka.by стартаваў збор сродкаў на правядзенне свята.
Сцэнар заяўкі: з 12.00 да 14.00 збор удзельнікаў на вуліцы Кастрычніцкай і шэсце з дэманстрацыяй да стадыёну «Дынама», на якім з 14.00 да 22.00 адбудуцца мітынг і вялікі канцэрт з меркаваным удзелам 30 тысяч чалавек.
Заяўка на правядзенне масавага мерапрыемства была пададзеная ад юрыдычных асобаў культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзіба» і Партыі БНФ. Пасля атрымання дазволу да арганізацыі і правядзення Дня Волі 2019 будзе прыцягнутае шырокае кола грамадскіх і камерцыйных арганізацый.
У заяўцы гаворыцца, што
«публічнае адзначэнне 101-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, якое атрымала народную назву Дзень Волі, пройдзе пад лозунгам “Жыве Незалежная Беларусь”. Мерапрыемства скіраванае на нацыянальную кансалідацыю вакол каштоўнасцяў дзяржаўнага суверэнітэту, развіцця ды ўмацавання беларускай нацыі, на прыцягненне ўвагі беларускага грамадства да спадчыны БНР, да неабходнасці нацыянальнага адзінства дзеля абароны незалежнасці Беларусі».
Перад тым, як падаць заяўку, былі разгледжаныя ўсе магчымыя варыянты і прааналізаваны досвед мінулых забаронаў і адмоваў.
На папулярнай у жыхароў Мінска і турыстаў вуліцы Кастрычніцкай амаль адсутнічае аўтамабільны рух, яна шырокая ды зручная для шэсця і дэманстрацыі, яе перакрыццё ў выходны дзень нікому не будзе замінаць. Да таго ж, ёсць досвед па арганізацыі і правядзенні на гэтай вуліцы масавых мерапрыемстваў і шэсцяў.
Для правядзення асноўных мерапрыемстваў Дня Волі 2019 быў абраны Нацыянальны алімпійскі стадыён «Дынама» па некалькіх прычынах:
1. Сімвалічна. Менавіта на стадыёне «Дынама» 30 гадоў назад, 19 лютага 1989 года, адбыўся першы дазволены мітынг пад бела-чырвона-белымі сцягамі, арганізаваны аргкамітэтам БНФ і Канфедэрацыяй беларускіх суполак («Талака», «Тутэйшыя» ды іншыя – на той момант каля 100 моладзевых нацыянальна-дэмакратычных арганізацый).
2. Рэалістычна. Гатовая інфраструктура стадыёна дазваляе камфортна змясціць больш за 30 тысяч чалавек, а таксама пазбавіць арганізатараў ад магчымых праблемаў пры дрэнным надвор’і.
З кіраўніцтвам стадыёну праведзена папярэдняе абмеркаванне варыянта правядзення на гэтай пляцоўцы Дня Волі 2019. Атрымана інфармацыя, што ёсць магчымасць закрыць поле і бегавыя дарожкі адмысловым пакрыццём, паставіць сцэну, забяспечыць наведнікаў харчаваннем і цёплымі напоямі праз шматлікія кропкі продажу на стадыёне. У гэты час на стадыёне не плануецца вялікіх мерапрыемстваў: футбольны сезон пачнецца ў красавіку, а Еўрапейскія гульні адбудуцца ў чэрвені-ліпені, таму стадыён будзе гатовы прыняць Дзень Волі пры пазітыўным адказе Мінгарвыканкама.
3. Відовішчна. Вялікія экраны і сцэна, новы прыгожы стадыён, тысячы людзей і ўрачыстая атмасфера – усё гэта дазволіць стварыць сапраўднае свята беларускага адзінства.
Першы крок зроблены. Цяпер чакаем адказ ад кіраўніцтва горада і краіны.
Давайце разам зробім годнае і натхняльнае мерапрыемства для Беларусі!
Падтрымайце ўжо зараз падрыхтоўку і правядзенне Дня Волі 2019 адным з 6 спосабаў на www.bnr.by.
Дызайнеры, фрылансеры, крэатыўныя студыі, брэндынгавыя кампаніі і дызайнерскія бюро, патрэбная ваша дапамога!
У нас ёсць час да канца студзеня, каб разам з вамі стварыць лога і фірмовы стыль для Дня Волі 2019, якія, спадзяемся, і далей будуць шырока выкарыстоўвацца для адзначэння і святкавання гэтай даты.
Досвед і фірмовы стыль #БНР100 паказаў, што гэта вельмі важна і дазваляе такім чынам аб’яднаць шматлікія ініцыятывы.
Вызначаныя лога і фірмовы стыль будуць размешчаныя для шырокага не абмежаванага выкарыстання, а іх аўтары атрымаюць народнае прызнанне.
Што маем?
Дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 – які за апошнія 30 гадоў стаў народным святам Дзень Волі.
Кожны год у 20-х чыслах сакавіка ў розных кутках свету ў розных фарматах збіраюцца беларусы і адзначаюць гэты дзень. Таму не прывязваемся ў лога да лічбы 25, бо пакуль гэта не афіцыйнае дзяржаўнае свята, асноўныя мерапрыемствы звычайна адбываюцца ў прамежку двух тыдняў да і пасля гэтай даты.
Што трэба?
Распрацаваць агульны лагатып і фірмовы стыль для гэтага свята, які ў 2019-м і далей будзе шырока выкарыстоўвацца ў разнастайных варыяцыях.
Дзе будуць выкарыстоўвацца:
— афішы і плакаты,
— атрыбутыка і прома-прадукцыя,
— банеры і ўлёткі,
— аздабленне сцэны і мерапрыемстваў,
— паштоўкі і буклеты,
— ролікі і карцінкі ў сацыяльных сетках,
— і ўсё што вы толькі можаце ўявіць і прыдумаць.
Пра што гаворыць лога і фірмовы стыль:
— Дзень Волі — адзін з галоўных дзён у новай гісторыі Беларусі, звязаны з пачаткам фармавання сучаснай беларускай дзяржаўнасці;
— Незалежнасць, суверынітэт, дзяржава, краіна, Беларусь, нацыя, народ — галоўныя словы і значэнне гэтага дня;
— беларуская мова;
— традыцыі – спадчына – перспекты – развіццё – імкненне наперад — змяняемся і развіваемся, але захоўваем і паважаем традыцыі, гісторыю, мову і культуру;
— герб “Пагоня” ў шматлікіх варыяцыях і бел-чырвона-белы сцяг — галоўныя сімвалы.
Што атрымаюць аўтары:
— народнае прызнанне — у лютым лога і фірмовы стыль ужо пачнуцца шырока выкарыстоўвацца, праз СМІ, сацыяльныя сеткі, публікацыі папулярных блогераў мы раскажам хто і як распрацаваў лога і фірмовы стыль для Дня Волі;
— пазначэнне аўтараў (фірмы) у якасці партнёраў на ўсёй прадукцыі да Дня Волі 2019;
— магчымая кампенсацыя выдаткаў (патрачанага на працу часу) з народнага грашовага фонду, які ўжо зараз збіраецца праз сайт bnr.by.
Вашыя першапачатковыя прапановы і накіды чакаем да канца студзеня на скрынку dzienvoli2019@gmail.com. Таксама абмеркаваць ідэі можна з Паўлам.
І нагадваем, што кожны жадаючы ўжо зараз можа ахвяраваць сродкі на падрыхтоўку Дня Волі 2019 адным з шасці спосабаў на bnr.by.
ЦЯПЕР МЫ ПРАЦУЕМ У ПОЛЬШЧЫ! ПАГЛЯДЗЕЦЬ АСАРТЫМЕНТ І ЗАМОВІЦЬ МОЖНА ТУТ.