fbpx
Увядзіце свой email
Email мае няправільны фармат
Увядзіце свой e-mail для завяршэння рэгістрацыі
Захаваць
У Вашым кошыку няма тавараў

На нашым сайце можна набыць лічбавыя тавары.

Замовіць рэчы з нашымі дызайнамі можна на Redbubble

На нашым сайце можна набыць лічбавыя тавары.

Замовіць рэчы з нашымі дызайнамі можна на Redbubble

Навіны сымбаля
Фірмовы стыль #БНР100 для шырокага грамадскага карыстання

Нацыянальны аргкамітэт зацвердзіў эмблему і сімволіку адзначэння 100-годдзя БНР, у аснове якой фірмовы стыль, распрацаваны камандай Symbal.by разам з Максам Пякарскім.

Яна будзе выкарыстоўвацца ў аздабленні ўсёй друкаванай, візуальнай і віртуальнай прадукцыі, а таксама ў межах акцый, святочных і творчых мерапрыемстваў.

Спампаваць афіцыйную эмблему святкавання 100-годдзя БНР у вектарным і растравым фарматах для шырокага выкарыстання можна тут

Архіў па спасылцы будзе дапаўняцца дызайнамі разнастайнай прадукцыі: плакаты, налепкі, ўлёткі, паштоўкі, значкі, банеры, шпалеры для тэлефонаў і ноўтбукаў, аватаркі для сацыяльных сетак ды іншае. 

Вашыя прапановы і дызайны з выкарыстаннем афіцыйнай эмблемы святкавання 100-годдзя аднаўлення незалежнасці нашага краю публікуйце з тэгам #БНР100 ці дасылайце на скрынку artsiadziba@gmail.com.

Падтрымаць выпуск і масавы распаўсюд бясплатнай прома-прадукцыі з сімволікай свята можна тут.

Symbal.by і «Арт Сядзіба» разам з мастаком Максам Пякарскім летам 2017 года распрацавалі фірмовы стыль для адзначэння 100-годдзя БНР, а таксама серыю сувенірнай прадукцыі, якая ўжо прадстаўлена на нашым сайце ў раздзеле «БНР — 100».

Спампаваць вектарныя файлы розных варыянтаў герба «Пагоня», у тым ліку і да 100-годдзя БНР, можна тут.

Спадзяемся, што ўзноўленая намі ўнікальная, дынамічная і неверагодна прыгожая «Пагоня» і фірмовы стыль са словамі Максіма Багдановіча «Не разбіць, не спыніць, не стрымаць» з верша «Пагоня» будуць актыўна выкарыстоўвацца ў межах усіх мерапрыемстваў і акцый, прысвечаных гэтай важнай падзеі ў гісторыі Беларусі.

Для гэтага мы размясцілі макеты ў добрай якасці для шырокага выкарыстання. Пампуйце іх, стаўце на аватаркі, рабіце шпалеры для тэлефонаў і кампутараў, распрацоўвайце банеры, расцяжкі, плакаты, афішы, уласныя дызайны, буклеты і паштоўкі.

Выява Пагоні, якая выкарыстана ў гэтым дызайне, знойдзена намі ў Беларускай эміграцыйнай калекцыі. Яна сустракаецца на пячатках, бланках і разнастайных дакументах Рады БНР, Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі ды шматлікіх іншых арганізацый па-за межамі Беларусі з 20-х гадоў 20 стагоддзя.

Дарэчы, шмат цікавых і арыгінальных дакументаў ды артэфактаў, звязаных з беларусамі ў эміграцыі, гісторыяй БНР і лёсамі беларусаў можна знайсці ў Беларускай эміграцыйнай калекцыі, якая размешчана на  kamunikat.org/bek.

Хочацца дадаць, што ўжо выпушчаны першы 5-тысячны тыраж паштовак да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Паштоўку можна бясплатна ўзяць у нашай краме на Машэрава 18 ці атрымаць пры паштовай альбо кур’ерскай замовах тавараў на нашым сайце. Для гэтага дадайце яе ў кошык з раздзелу бясплатных прапаноў «Задарма». Увага! Як асобны тавар поштаю не дасылаем, толькі як дадатковы бонус да асноўнай замовы.

Публікуем некаторыя гісторычныя дакументы, на якіх прысутнічае «Пагоня» з фірмовага стылю. Дакументы апублікаваныя ў Беларускай эміграцыйнай калекцыі. Вокладка кнігі «Сцэнічныя творы», надрукаваная выдавецтвам таварыства «Пагоня» ў Вільні ў 1927 годзе, сведчыць, што сімвал кампаніі #БНР100 ужо выкарыстоўваўся ў 20-я гады XX стагоддзя ў Заходняй Беларусі.

                       

Ніжэй чытайце кароткі гістарычны тэкст пра Беларускую Народную Рэспубліку, які размешчаны на нашай паштоўцы.

Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі — гэта адна з галоўных датаў у гісторыі нашай краіны, пачатак доўгага і складанага працэсу фарміравання сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

5 снежня 1917 г. — у Менску пад бел-чырвона-белымі сцягамі пачаўся першы Усебеларускі з’езд, які абвесціў права беларускага народа на самавызначэнне і прыняцце дэмакратычнай формы ўраду.

19 лютага 1918 — бел-чырвона-белы-сцяг узняты над будынкам губернатарскага палаца ў Менску пасля выгнання з горада бальшавікоў.

21 лютага 1918 г. — Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага кангрэса звярнуўся да народа Беларусі з 1-ай Устаўной граматай, у якой аб’явіў сябе ўладаю ў Беларусі.

9 сакавіка 1918 г. — адбылося першае ўрачыстае пасяджэнне Выканаўчага камітэта Рады кангрэса, дзе была прынятая Другая Устаўная грамата. У ёй Беларусь была аб’яўлена народнай рэспублікай, а Выканаўчы камітэт — Радай БНР. У межах Беларусі былі абвешчаны свабоды слова, друку, сходаў, забастовак, сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля, права на аўтаномію, раўнапраўе. 

25 сакавіка 1918 г. —  Рада БНР у Менску прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, у якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. У нашыя дні гэтая дата адзначаецца як Дзень волі.

Вясна-лета 1918 г. — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг зацверджаны дзяржаўнымі сімвалам БНР, а беларуская мова — дзяржаўнай мовай Рэспублікі. Выпушчаны пашпарты грамадзян БНР з гербам «Пагоня» на вокладцы.

Восень-зіма 1918 г. — кіраўніцтва БНР не здолела ўмацаваць і захаваць сваю ўладу, абараніцца ці дамовіцца з Савецкай Расіяй і Германіяй пра далейшы лёс краіны.

Снежань 1918 г. — Чырвоная Армія ўступіла ў Менск, большая частка сяброў Рады БНР пакінула горад.

У далейшым большасць беларускіх дзеячаў БНР вярнуліся ў БССР, а пасля сталі аднымі з першых ахвяр сталінскіх рэпрэсій. 

Ад 1919 г. Рада БНР дзейнічае ў выгнанні, прадстаўляючы інтарэсы Беларусі ў вольным свеце.

Ад 1997 г. – Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла.

Афіцыйны сайт Рады БНР: radabnr.org.

Зніжкі
Падпісацца
© SYMBAL.BY (2014-2024). Усе правы абароненыя. Выкарыстанне змесціва сайту дапускаецца толькі са згоды праваўладальніка. Кошты на сайце пазначаныя ў далярах ЗША.
Pay with PayPal, PayPal Credit or any major credit card

ЦЯПЕР МЫ ПРАЦУЕМ У ПОЛЬШЧЫ! ПАГЛЯДЗЕЦЬ АСАРТЫМЕНТ І ЗАМОВІЦЬ МОЖНА ТУТ.