На нашым сайце можна набыць лічбавыя тавары.
Замовіць рэчы з нашымі дызайнамі можна на Redbubble
Прапануем вам бясплатна спампаваць у pdf-фармаце спеўнікі, з дапамогай якіх вы самастойна можаце арганізоўваць музычныя святы і калектыўныя спевы ў сваіх супольнасцях, дварах, населеных пунктах. Пампуйце тут.
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць — нарэшце ў беларусаў з’явіўся нацыянальны гімн! А каб бачыць, як беларусы спяваюць нацыянальны гімн «Пагоня», каманда праекту запускае флэшмоб «Спяваем гімн разам» і заклікаем з хэштэгам #гімнбеларусі выкладаць у сацыяльныя сеткі відэа сваіх спеваў разам з сябрамі, рабіць уласныя ролікі з гімнам для яго папулярызацыі. Найлепшыя відэа трапяць у фінальны ролік акцыі «Спяваем гімн разам».
Мецэнат і ініцыятар праекта Антон Мяжа сабраў каманду прафесійных музыкаў, каб запісаць нацыянальны гімн Рэспублікі Беларусь на верш Максіма Багдановіча «Пагоня». Упершыню легендарны твор Максіма Багдановіча загучаў галасамі хору ва ўрачыстым суправаджэнні аркестра.
«Гэта была мая даўняя мара — каб Беларусь займела паўнавартасны нацыянальны гімн, якасны, пазнавальны і дарэчны ў гістарычным і культурным кантэксце, — расказвае ініцыятар праекта Антон Мяжа. — Я вырашыў ажыццявіць гэтую мару і абраў верш Максіма Багдановіча “Пагоня”. Каб гэты твор загучаў у выкананні хора і аркестра, як нацыянальны гімн Беларусі, спатрэбілася каля двух гадоў і вялікія сродкі.
Над гімнам працавала некалькі дзясяткаў амбіцыйных людзей з розных творчых беларускіх калектываў, але па прапанове каманды, мы не вылучаем асобных творцаў, каб сказаць, што гэты нацыянальны гімн стварылі беларусы для беларусаў: у ім наша гісторыя, наш боль, нашыя сімвалы і наша імкненне да лепшай будучыні роднай краіны».
Тое, што беларусам патрэбны нацыянальны гімн, днямі выразна паказала цырымонія перапахавання паўстанцаў у Вільні. Суайчыннікі аб’ядналіся па-за межамі ўласнай краіны, паказаўшы натхняльную салідарнасць з героямі-землякамі і іх ідэямі. У межах канцэрту ў Вільні ўдзельнікі каманды праекту негалосна апрабавалі на слухачах новы гімн. Беларусы сустрэлі ўрачыстую песню прыветна і натхнёна, падпявалі і актыўна запісвалі супольныя спевы ў сторыс.
Беларускі відэарэжысёр Іван Мураўёў зрабіў эмацыйнае відэа, дзе выкарыстаў новы запіс гімна «Пагоня» і знятыя ім у Вільні кадры з перапахавання Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863-1864 гадоў.
«У розныя часы разглядаліся розныя варыянты афіцыйнага гімна Беларусі, — каментуе каардынатар праекта, музыка і арганізатар ініцыятывы «Спеўны сход» Сяржук Доўгушаў. — Сярод самых вядомых — беларуская марсельеза “Адвеку мы спалі”, “А хто там ідзе?” і “Не загаснуць зоркі ў небе” Янкі Купалы, “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” Макара Kрaўцoвa і “Магутны Божа” Наталлі Арсенневай. Але я лічу, што толькі адзін варынт як найлепш адпавядае гімну нашай краіны, спалучае ў сабе яе мінуўшчыну, сучаснасць і прышласць. Гэта “Пагоня” Максіма Багдановіча, напісаная ім у 1916 годзе ў Мінску».
Музыку на верш пісалі розныя кампазітары: Мікола Равенскі, Мікола Шчаглоў-Куліковіч, Аляксей Туранкоў, Уладзімір Мулявін. Але ў выніку быў абраны варыянт Міколы Шчаглова-Куліковіча, як найбольш адпаведны канцэпцыі гімна.
Музычным рэдактарам і аранжыроўшчыкам стаў вядомы беларускі кампазітар Канстанцін Яськоў, бо першапачатковы варыянт музыкі Міколы Шчаглова-Куліковіча пісаўся для харавога акапэльнага выканання. Канчаткова ў гімне гучаць толькі шэсць з сямі слупкоў верша Максіма Багдановіча, бо гэтага патрабуе жанравая спецыфіка.
«Гімн аб’ядноўвае нацыю, а яшчэ больш яе аб’ядноўвае супольны спеў гэта гімна, — кажа заснавальнік крамы Symbal.by і заўзятар праекта Павел Белавус. — Падзеі апошніх выхадных у Вільні паказалі, што беларусы ўмеюць аб’ядноўвацца і шанаваць сваіх герояў і сваю спадчыну. Парадавала і неафійцыйная прэзентацыя песні — мы пабачылі, як эмацыйна і натхняльна людзі сустрэлі гімн і адразу пачалі спяваць.
Цяпер жа хочацца, каб да спеваў “Пагоні” далучылася як мага больш людзей: на святах і ўрачыстасцях, дома і з сябрамі. Спявайце — няхай кожны пачуе наш агульны спеў. Гэты гімн мае вольныя аўтарскія правы і належыць усім беларусам, таму выкладзены для свабоднага спампоўвання і распаўсюду. Мы падрыхтавалі адмысловае лірык-відэа, ноты ў версіях для хора ды фартэпіяна і для хора з акордамі для гітары, якія дазволяць самастойна граць гімн, вучыць словы і спяваць яго ў розных фарматах».
Спампаваць аўдыё, відэа, ноты і іншыя сыходныя файлы гімна можна тут!
Нацыянальны гімн Рэспублікі Беларусь «Пагоня»
Словы Максіма Багдановіча
Музыка Міколы Шчаглова-Куліковіча
Толькi ў сэрцы трывожным пачую
За краiну радзiмую жах,
Успомню Вострую Браму святую
I ваякаў на грозных канях.
У белай пене праносяцца конi,
Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць,
Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi
Не разбiць, не спынiць, не стрымаць!
Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi
Не разбiць, не спынiць, не стрымаць!
У бязмерную даль вы ляцiце,
А за вамi, прад вамi — гады.
Вы за кiм у пагоню спяшыце?
Дзе шляхi вашы йдуць i куды?
Мо яны, Беларусь, паняслiся
За тваiмi дзяцьмi наўздагон,
Што забылi цябе, адраклiся,
Прадалi i аддалi ў палон?
Што забылi цябе, адраклiся,
Прадалi i аддалi ў палон?
Бiце ў сэрцы iх — бiце мячамi,
Не давайце чужынцамi быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамi
Аб радзiмай старонцы балiць.
Мацi родная, Мацi-Краiна!
Не ўсцiшыцца гэтакi боль.
Ты прабач, ты прымi свайго сына,
За Цябе яму ўмерцi дазволь!
Ты прабач, ты прымi свайго сына,
За Цябе яму ўмерцi дазволь!
У 2018 годзе да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі «Арт Сядзіба» і «Спеўны сход» прэзентавалі першыя ў гісторыі Беларусі аркестровыя фанаграмы і караоке-версіі нацыянальных гімнаў Беларусі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і «Пагоня».
Спадзяемся, што гэта стане добрым пачаткам беларускага спеўнага караоке.
Беларускія музыкі Сяржук Доўгушаў і Аляксандар Ясінскі падрыхтавалі дзве аркестровыя фанаграмы гімна Беларускай Народнай Рэспублікі на словы Макара Краўцова «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і патрыятычнага гімна на словы Максіма Багдановіча «Пагоня» да святкавання 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Аўтар ідэі і падрыхтоўкі — кіраўнік «Спеўнага сходу» Сяржук Доўгушаў. Аўтарскія аранжыроўкі і запіс зроблены ў Празе кампазітарам і музыкам Аляксандрам Ясінскім. Аўтар караоке-версій — Зміцер Вайноўскі.
30 кастрычніка 1919 г. быў апублікаваны верш Макара Краўцова «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», музыку да яго напісаў кампазітар і хормайстар Уладзімір Тэраўскі. Верш Макара Краўцова, вядомы таксама пад назвай «Ваярскі марш».
Гэты гімн БНР з пэўнымі цэнзурнымі праўкамі па першым часе дазвалялася выконваць і ў БССР, але нядоўга. Пазней Тэраўскага арыштуюць і расстраляюць у 1938-м, Краўцова закатуюць у турме на год пазней. Больш за 70 гадоў твор гучаў толькі ў эміграцыі. На Радзіме пра марш згадалі ўжо ў 1991 годзе — Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін высоўвалі яго на дзяржаўны гімн, але прапанова не прайшла.
Падрабязную гісторыю гэтага твора чытайце тут.
Верш Максіма Багдановічава «Пагоня» напісаны ў 1916 годзе ў Мінску. Упершыню прагучаў у «Беларускай хатцы» — мінскім клубе беларускай мастацкай інтэлігенцыі, які ў 1916—1920 гг. праводзіў культурна-асветіцкую работу, прапагандаваў беларускае тэатральнае музычнае мастацтва, садзейнічаў стварэнню беларускага дзяржаўнага тэатра.
Музыку да гэта верша напісалі шматлікія кампазітары ў розныя часы — Мікола Равенскі, Мікола Шчаглоў-Куліковіч, Аляксей Туранкоў, Уладзімір Мулявін. У караоке-версіі выкарыста музыка беларускага кампазітара Міколы Шчаглова-Куліковіча.
Аўтарскія аранжыроўкі гімнаў «Пагоня» і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» кампазітара і музыканта Аляксандра Ясінскага.
Нагадаем, што «Пагоня» — нацыянальны гімн беларусаў, «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» — нацыянальны і дзяржаўны гімн БНР, а «Магутны Божа» — духоўны гімн беларусаў.
Уладзімір Тэраўскі (1871-1938) культурна-грамадскі дзеяч, кампазітар, ініцыятар і кіраўнік Дзяржаўнага беларускага хору, удзельнік беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху 20 ст., стваральнік аднаго з першых беларускіх харавых калектываў — Мінскі беларускі хор. Тэраўскі стаяў ля вытокаў стварэння нацыянальнай оперы i нацыянальнай музычнай школы.
Нарадзіўся пад Слуцкам. Атрымаў духоўную адукацыю ў Слуцку і Менску. Браў удзел у арганізацыі культурна-асветнага асяродка пры «Беларускай хатцы». Восенню 1919 г. па запрашэнні Усевалада Ігнатоўскага, рэктара Менскага педагагічнага інстытута, працаваў лектарам на настаўніцкіх курсах.
У гісторыі беларускага тэатральнага мастацтва 20 ст. вядомы як аўтар музыкі да п’ес і тэатральных пастановак паводле твораў Міхася Чарота. Стварыў музыку да многіх спектакляў, напісаў песні і рамансы на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі. Запісваў і гарманізаваў народныя песні, частка якіх апублікавана ў зборніках «Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый», «Беларускі лірнік», «Вайсковы зборнік».
Супрацоўнічаў з Першым беларускім таварыствам драмы і камедыі, з мастацкай трупай «Беларускі народны тэатр» пад кіраўніцтвам Францішка Аляхновіча. Загадчык музычнай часткі і хормайстар Першага беларускага дзяржаўнага тэатра.
Праследаваўся савецкімі ўладамі. Арыштаваны 23.09.1921 у Менску па сфабрыкаванай менскай ЧК справе. Быў прыгавораны да расстрэлу, які замянілі на 5 гадоў турмы, быў расстраляны ў 1938 г.
Паклаў на музыку верш Макара Краўцова «Ваяцкі марш», які ў гісторыі незалежніцкага руху стаў нацыянальным гімнам.
Ноты беларускіх нацыянальных гімнаў «Магутны Божа», «Пагоня», «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».
ЦЯПЕР МЫ ПРАЦУЕМ У ПОЛЬШЧЫ! ПАГЛЯДЗЕЦЬ АСАРТЫМЕНТ І ЗАМОВІЦЬ МОЖНА ТУТ.